A R C H E П а ч а т а к № 2 (36) - 2005
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае


2-2005
" да Зьместу "

 



палеміка • аналітыка • крытыка • эсэістыка • літаратура • рэцэнзіі

 


эсэістыка

   

Вокладка ARCHE 2-2005.

   Мінулыя нумары:

   ARCHE (1’2005)
   ARCHE (5’2004)
   ARCHE (4’2004)
   ARCHE (3’2004)
   ARCHE (2’2004)
   ARCHE (1’2004)

   ARCHE (6’2003)
   ARCHE (5’2003)
   ARCHE (4’2003)
   ARCHE (3’2003)
   ARCHE (2’2003)
   ARCHE (1’2003)

   ARCHE (3’2002)
   ARCHE (2’2002)
   ARCHE (1’2002)

   Скарына (6’2001)
   ARCHE     (5’2001)
   Скарына (4’2001)
   Скарына (3’2001)
   ARCHE     (2’2001)
   Скарына (1’2001)

   ARCHE     (9’2000)
   Скарына (8’2000)
   ARCHE     (7’2000)
   Скарына (6’2000)
   ARCHE     (5’2000)
   Скарына (4’2000)
   ARCHE     (3’2000)
   Скарына (2’2000)
   ARCHE     (1’2000)

   ARCHE (4’1999)
   ARCHE (3’1999)
   ARCHE (2’1999)
   ARCHE (1’1999)

   ARCHE (1’1998)

 

«Цяпер мне падабаецца толькі опэра»
Гутарка з Алегам Латышонкам

— Найперш хацелася б пачуць, што адбываецца вакол беластоцкай газэты «Ніва».

– Пракуратура закрыла справу і падала яе ў суд. Калі адбудзецца першае пасяджэньне суду, дакладна невядома, магчыма — на пачатку сакавіка. Судзіць будуць два склады Праграмнай рады і бухгальтарку — разам 11 асобаў. Апошні падобны працэс адбыўся ў Беластоку ў 1923 годзе. Быў гэта так званы Працэс 45-ці. Тады, прынамсі, частка падсудных фактычна выступала супраць польскай дзяржавы, чаго пра сёньняшніх аніяк ня скажаш. Наагул, у міжваенны пэрыяд палякі дакаралі беларусаў за тое, што быццам бы бралі грошы з Масквы, а цяпер за тое, што бралі грошы з Варшавы...

— Толькі ў беларусаў паўсталі падобныя праблемы ці гэта агульная кампанія, скіраваная на абмежаваньне дзяржаўнай падтрымкі аб’яднаньняў нацыянальных мяншыняў?

— У суд падалі толькі на беларусаў, хаця падобныя абвінавачаньні Найвышэйшая кантрольная палата выставіла ўкраінцам, літоўцам і іншым нацменам. Пры тым усе выканаўцы гэтай справы апраўдваліся, што дзейнічаюць на патрабаваньне «зьверху». На жаль, справа такая абсурдная, што мы ня можам дакладна ўстанавіць, хто на нас наехаў. Тым ня менш, нехта працуе надалей. Цяпер узяліся выкрасьліць з рэгістру партыяў Беларускае дэмакратычнае аб’яднаньне. Фармальная прычына — з-за адсутнасьці банкаўскага рахунку. Нібыта й праўда, але зноў зьдзіўляе неахвота выслухаць апраўданьні і рашучасьць у гэтым ліквідатарстве. Самае важнае, клопаты маюць выключна тыя беларусы, якія ў 1980-я стваралі антыкамуністычную апазыцыю, у 1990-я — незалежны нацыянальны рух і крытычна адносяцца да рэжыму Лукашэнкі. Тыя, хто падпяваў любой польскай і беларускай уладзе, могуць спаць спакойна.

— Беларуска-польскія праблемы ёсьць і ў галіне гісторыі, якую можна трактаваць з розных нацыянальных пазыцыяў. Як яе пераадольвае беларускі гісторык, які выкладае ў польскіх навучальных установах, Алег Латышонак?

— Гісторыя Беларусі і гісторыя Польшчы — гэта дзьве зусім розныя гісторыі, хаця расказваецца ў іх пра тыя самыя падзеі. Праблемаў з выкладаньнем ня маю ніякіх. Даходзіла да маіх вушэй, што некаторыя прафэсары пляткавалі, нібыта беларус не павінен выкладаць гісторыі Польшчы, вось і ўсё. Зусім іншая справа, калі ідзецца пра спрэчку нашага беларускага асяродзьдзя з польскімі гісторыкамі адносна пасьляваеннага пэрыяду на Беласточчыне. У другой палове 1940-х гадоў пэўная групоўка польскага антыкамуністычнага падпольля дапусьцілася генацыду на беларусах. Для нас гэта вялікі боль, пагатоў галоўны вінаваты, капітан Рамуальд Райс «Буры», які ў лютым 1946 году спаліў некалькі беларускіх вёсак і вымардаваў іхных жыхараў, у 1993 годзе апраўданы быў польскім судом. Нібыта ён кіраваўся «вышэйшым дабром». Мы аніяк ня можам зразумець, якое гэта «вышэйшае дабро» дазваляе паліць людзей жыўцом. Усё чакаем ад палякаў прызнаньня, што як «Буры», так іншыя каты беларусаў былі злачынцамі. На жаль, шмат польскіх гісторыкаў, асабліва маладых, проста адмаўляюцца ад асуджэньня сваіх хвальшывых герояў.

— Які гістарычны час твой улюбёны?

— Як калі. Пачынаў практычна з ХХ стагодзьдзя, з гісторыі змаганьня за незалежнасьць Беларусі. Доўгі час я найлепш сябе адчуваў у ХVІІІ — пачатку ХІХ стагодзьдзя, інакш кажучы, у пэрыядзе Асьветніцтва. Уводзіў нанава ў беларускую гісторыю прызабытую віленскую прафэсуру родам зь Беласточчыны. У апошнія гады ўцягнула мяне «самае цікавае з усіх» ХІІІ стагодзьдзе. Гэта было стагодзьдзе «першай глябалізацыі» і зьяўленьня «Белай Русі». Агульна можна сказаць, што паглыбляюся ў вякі. Апошні год жыў я ІХ стагодзьдзем, працуючы з Алесем Белым над легендарнай гісторыяй Полацку. Глыбей ужо толькі археалёгія, якой я займаўся выключна як далакоп-добраахвотнік. Відаць, усё гэта нейкая натуральная падрыхтоўка да напісаньня гісторыі Беларусі. Люблю таксама чытаць пра іншыя народы на ўсім сьвеце.

— Адзін час ты быў аматарам Афрыкі.

— Афрыка цікавая гісторыку сваёй адсталасьцю. Праходзяць там працэсы, якія ў Эўропе закончыліся ў Сярэднявеччы. Мой улюбёны народ, гэта тутсі, таму што яны такія, як я, высокія. Калі чытаю, што гуту абрэзваюць тутсі ногі ў каленях, каб не былі ўжо такімі выносьлівымі, атаясамліваю сябе з тутсі. Аднойчы мой сябра — беларускі гісторык, спытаў мяне «А каторыя зь іх нашыя?» Дык «нашыя», безумоўна, — бяздольныя сяляне гуту, але хто ж любіць бяздольных? Цікавей наглядаць за пабудовай жменькай тутсі імпэрыі «ад акіяну да акіяну». Пакуль што пабудова гэтай імпэрыі застрахла ў выніку здрады роду Кабілаў у Конга й «першай афрыканскай сусьветнай вайны», у якой на баку Кабілаў выступілі наймагутнейшыя «чырвоныя» афрыканскія рэжымы — Ангола і Зымбабвэ. Цяпер войскі Руанды чарговы раз наехалі на Конга, хаця правадыр Руанды Кагамэ і Кабіла-малодшы выхоўваліся разам. Наагул, пабудове ў Афрыцы ў меру стабільных дзяржаваў і нацыятворчым працэсам перашкаджаюць штучныя межы, накрэсьленыя эўрапейскімі калянізатарамі, ды няспыннае ўмяшальніцтва заходніх дзяржаваў і канцэрнаў. Што ж, адсталыя заўсёды мусяць расплачвацца сваім багацьцем і жыцьцём. Тым ня менш, у Афрыцы ўжо шмат сфармаваных нацыяў, якія яшчэ праявяць сябе ў будучыні.

— Што табе згадваецца пра Польшчу 1960—1970-х? Ці адчуваў ты ў дзяцінстве сымпатыі да гістарычнай Рэчы Паспалітай?

— Жылося небагата, але й нябедна, хаця мой бацька часта паўтараў, што ён свае даўгі верне да апошняга граша, а вось правадыр Польшчы Герак дык ніколі. Так і атрымалася. Пра ніякую Рэч Паспалітую ў дзяцінстве я не разважаў. Абавязвала мадэль «пястоўскай», этнічнай Польшчы. Толькі ў ліцэі я стаў чытаць кніжкі Паўла Ясяніцы пра Рэч Паспалітую, і прыйшло мне да галавы, што магутная была гэта краіна і што варта было б яе адродзіць.

— Як ты ставішся да сёньняшняга беларускага эміграцыйнага руху?

— Сёньняшнюю палітычную эміграцыю бачу як зьяву часовую і кароткатэрміновую. Цэнтар беларускай эміграцыі ў больш шырокім значэньні можа быць толькі ў Менску. Калі думаць пра палітычны лобінг у гэты гістарычны момант, дык добра было б мець нейкі цэнтар там, дзе вырашаюцца справы, значыць, у Брусэлі або Страсбурзе.

— Распавядзі, як адшукалі магілу Алеся Гаруна ў Кракаве.

— Ну, я яе адшукаў на Ракавіцкіх могілках. Калі я другі раз ехаў у Кракаў у 1983 годзе, Сакрат Яновіч сказаў мне, каб я гэтым пры нагодзе заняўся. Я шукаў даволі доўга, бо загінула гэтак званая кніжка кватэры (чатырохвугольнага надзелу) з зазначаным месцам спачынку Прушынскага. Блудзіў я па Ракавіцкіх могілках доўга, піў гарэлку з далакопамі, ажно мая аднакурсьніца Караліна Градзіская, якая напісала гісторыю гэтых могілак, знайшла ўспомненую кніжку. Магіла існавала ўжо толькі як пустое месца, але нікога іншага тут не пахавалі. Аб сваёй знаходцы я паведаміў Кастусю Акулу, які арганізаваў збор грошай сярод беларускіх вэтэранаў на Захадзе. Пабудовай помніка заняўся мой бацька, валун прывезлі мы зь Беласточчыны. Адкрывалі яго ўрачыста, якраз тады я першы раз пабачыў бел-чырвона-белы сьцяг на публіцы. Пасьля прыехаў зь Вішнева а. Уладзіслаў Чарняўскі і пасьвяціў магілу.

— Ці трэба нам стварыць нацыянальны Пантэон?

— Безумоўна трэба. У нацыі павінен быць свой Пантэон. Мне гэта прыйшло ў голаў, калі прачытаў пра Пантэон лужыцкіх сэрбаў. Народ маленькі, а свой Пантэон мае. Мы, беларусы, замала дбаем пра ўвекавечаньне нашых продкаў. Безупынна дакараю сябе, што замала робім, каб ушанаваць выдатных беларусаў Беласточчыны і адзначыць хаця б сьціплымі помнікамі важныя для нашай гісторыі месцы.

— І адбудаваць царкву-пахавальню Ўсяслава Чарадзея ў Полацку...

— Абавязкова. Калісьці я быў гістарычным пурыстам і лічыў адбудову помнікаў старадаўнасьці бескарыснай. Але ўсё-такі зразумеў, што народ мае права жыць у сваёй гістарычна-эстэтычнай прасторы. Ворагаў справа нашы сьвятыні развальваць, а наша — адбудоўваць, нават калі б прыйшлося паўтараць гэта некалькі разоў. Да таго ж Усяслаў — мой улюбёны гістарычны герой. Ды й я дзеля яго стараюся — прыпісаў яму продкаў ажно да гоцкага караля Германарыка.

— Ты напісаў, што ў дзяцінстве шмат чытаў беларускіх кніг. Што з прачытанага трывала засталося ў памяці?

— Я не сказаў бы, што чытаў шмат беларускіх кніжак — адкуль было іх узяць? Кірыліцу я вывучыў ці не раней за лацінку, але з расейскага буквара. Бацька цягнуў дахаты ўсё, што знайшоў, але беларускай дзіцячай і моладзевай літаратуры практычна ня ведаю. Маёй Бібліяй быў збор твораў Максіма Багдановіча ў 2-х тамах, выдадзены ў Менску ў 1968 годзе. З Багдановіча памятаю ўсё.

— Ці слухаў ты ў юнацтве рок-музыку?

— От, слухаў, як усе мы тады, і тое самае, што мае аднагодкі. Агульнавядомыя заходнія гурты пералічаць дарма, з польскіх мы слухалі перш за ўсё «Чырвоныя гітары», «Скальдаў» і «Будку суфлёра». Не бяруся ацэньваць сёньняшняй польскай рок-музыкі, бо ні польскай, ні якой небудзь рок-музыкі ня слухаю. Цяпер яна мне проста не цікавая. Нават на нашае «Басовішча» падаюся нейк з абавязку, бо штогод знаходзяцца сябры, якія яшчэ «Басовішча» ня бачылі. Да нядаўна некалькі год слухаў выключна рэгей Боба Марлея, але й гэта нейк прайшло. Усё, відаць, справа веку — цяпер падабаецца мне толькі опэра.

— Ну і пытаньне на засыпку: што беларусам рабіць, каб выстаяць у віхуры глябалізацыі?

— «Здароў будзь вецер з заходняга краю!» Глябалізацыяй няхай пераймаюцца маскоўцы, нам, беларусам, баяцца няма чаго. Беларусь праяўляе сябе менавіта ў час глябалізацыі. Як я ўжо сказаў, «Белая Русь» зьявілася ў выніку першай глябалізацыі ў ХІІІ стагодзьдзі. Беларускі нацыянальны рух высьпеў у пэрыяд глябалізацыі канца ХІХ — пачатку ХХ стагодзьдзя. Не залішне прыпомніць, што тады глябалізацыя была большай за цяперашнюю. А не было б цяперашняй, не разваліўся б Савецкі Саюз, дык не было б чарговага беларускага адраджэньня. Усё будзе добра, толькі нічога ня трэба рабіць.

22.12.2004

Гутарыў Алесь Аркуш

   
   
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае

№ 2 (36) - 2005

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатку СТАРОНКІ


Ліст у рэдакцыю.   Майстраваньне [mk]. Абнаўленьне [czyk].
Copyright © 1998-2005 ARCHE "Пачатак" magazine
Апошняе абнаўленьне: 2005/8/14